АСАБІСТЫ САЙТ ПІСЬМЕННІКА
![]() |
Я складзена са шкла, Каменьчыкаў і аксамітаў. Я свой узор жыцця знайшла Без грозных маналітаў. Малюнак радасці быцця Паклала ў аснову, Калі была яшчэ дзіця І бегала ў школу. З тае пары я берагу Маленькія крупіцы: Граніты ведаў, слёз слюду, Даверу малахіты. Шліфую ў працы і бялю Будзёныя графіты, Бо ведаю, аздоблю іх, І будзе мой крышталь адкрыты.
|
ПРА АЎТАРАХмялеўская (па мужу Ніканчук) Наталля Валянцінаўна нарадзілася ў 1967 годзе ў в. Мервіны Клецкага раёна Мінскай вобласці. Скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў горадзе Горкі. Працавала ў Круглянскім і Горацкім райвыканкамах, у інспекцыі па падатках і зборах Горацкага раёна. Член народнага аматарскага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова». Аўтар паэтычнага зборніка «Любоў – крылатая істота» (2008) і рамана «Иоланта» (2011). З вершамі выступае ў перыядычным друку. Друкавалася ў калектыўных зборніках «Друцкія зарніцы», «Над родным краем жураўлі», «Эхо нашей Победы», «На крылах натхнення», у часопісах «Маладосць», «Першацвет», у газетах «Літаратура і мастацтва», «Зямля і людзі» і інш. Лаўрэат Міжнароднага літаратурнага конкурсу памяці Канстанціна Сіманава (2015). Удзельніца абласнога конкурсу на лепшы літаратурны твор на тэму жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны «Скарынавай душой узлашчанае слова» (2017), дыплом першай ступені ў намінацыі «Паэзія», дыплом другой ступені ў намінацыі «Проза». Предложение от спонсора сайта: Сайт под ключ от 99 руб, интернет-магазин от 159 руб. Наполнение сайта, написание текстов, продвижение и хостинг входят в эту стоимость! Подробности по этой ссылке >>> |
|
МЕРВІНЫКалі верыць даследаванням вучоных-тапанімікаў, назва вёскі Мервіны пайшла ад слова «мерыны» (коні), якімі тут у старажытныя вякі займалася мясцовае насельніцтва. Але, хутчэй за ўсё, гэтая выснова прыцягнута за вушы, бо ніхто і ніколі ў вёсцы аб пародзістых жарабцах ды мерынах не прыпамінаў і аб былой коннай справе мервінцаў не ведаў. Магчыма, усё ж не таргавалі скакунамі, а самі працавалі як коні ды былі моцнымі і дужымі, як удалыя мерыны. Мне, дарэчы, гэтае меркаванне падабаецца больш. Тыя ж тапанімікі прапануюць яшчэ адзін варыянт паходжання назвы населенага пункта Мервіны – гэта «мера віны» – кажуць яны. І тут у справу ідзе нейкая, прыдуманая імі ж гісторыя пра скрадзеную і змарнаваную ў панскіх падзямеллях прыгажуню, аб нейкім неверагодным неўзаемным каханні багатага паніча да беднай сялянкі. Усё, як патрабуе драматычны жанр: прыгожа, прывабліва, жахліва. Але і гэтая казка-прыманка падаецца мне непраўдзівай, нейкай надуманай. «Не веру», – кажу я, хоць і не раўную сябе са Станіслаўскім. Калі нават прыняць гэтае меркаванне за выснову, то адразу ж паўстае шмат пытанняў. У чым наша віна, нас – мервінцаў? Ці перад кім так моцна правініліся нашы продкі? (Калі нават насамрэч існавала гэтая самая сялянка-мервінка, якую так моцна пакахаў паніч). Чаму вёсачка атрымала такую недарэчную назву? Добрым людзям не хочацца адчуваць сябе ўвесь век вінаватымі. Доўга я думала над гэтым, ламала галаву, што ды як і нарэшце зразумела: у назве населенага пункта маецца на ўвазе не мера ВІНЫ, а мера ВІНА. І тут усё адразу стала на свае месцы. І коні ні пры чым, і віны ніякай у нас, мервінцаў, няма, а ёсць мера выпітаму віну. Бо жывуць у маёй роднай мясціне людзі, якія ва ўсім маюць меру і вядуць лік выпітаму, з’едзенаму ды набытаму. Ніколі не сустракала я тут, на сваёй малой Радзіме, мужчын альбо жанчын, якія б напіваліся звыш меры і хадзілі б па вуліцы (альбо, не дай Бог, валяліся дзе-небудзь пад плотам) п’янымі. Звычайнае ціхае вясковае жыццё, насычанае сваімі штодзённымі клопатамі, невялікімі радасцямі, ці не надта прыемнымі падзеямі. Пра што ні запытай у мервінца – знойдзецца свой, правільны, правераны часам адказ: не вычытаныя з кніг заезджаныя выказванні літаратараў, не перанятыя з тэлеэкранаў мадэлі паводзінаў, а глыбокія праўдзівыя веды, засвоеныя і перададзеныя з пакалення ў пакаленне праз многія тысячагоддзі. Як кажуць у народзе, жыццёвая мудрасць. Гутарку вядуць вяскоўцы паволі, разважна, як быццам адмерваюць, адважваюць кожнае слова на шалях. Здаецца, што яны ведаюць цану не толькі кожнаму заробленаму рублю, але і кожнаму моманту жыцця, кожнаму прамоўленаму гуку. Рупяцца аб сваім асабістым дабрабыце і дабрабыце мястэчка наогул. Славяцца нашы Мервіны духмянымі яблыкамі, асабліва шмат тут яблынь антонаўкі, штрыфелю, белага наліву, часам сустракаецца баравінка, пэпін шафранны, каштэля, ранэт. Як паказваюць мае асабістыя назіранні, сорт яблынь, якія растуць у садзе гаспадара, залежыць ад таго, у якім годзе была пабудавана хата. Каля новых пабудоў – яблыні сучасных сартоў, а каля старэнькіх разбураных паселішчаў растуць ранейшыя, мічурынскія сарты. Яшчэ з дзяцінства памятаю, што ў Мервінах заўсёды было вельмі многа самых розных сліў, асабліва шмат гэтага «багацця» паспявала ў садку майго суседа Міхаіла Міхайлавіча Грынкевіча. Столькі сліў не мела магчымасці спажыць адна сям’я, таму елі іх усе, хто пракладваў свой шлях праз наш намыты вадою равок. Слівы ж сыпаліся прама на сцежку, якая была пратаптана якраз пасярэдзіне гэтага самага раўка. Хадзілі ж па гэтай скарочанай дарозе даглядчыкі і даяркі калгаснай фермы, звычайныя сяляне, дзеці і нават свойская жывёла, калі яе гналі з пашы дадому. Усе ласаваліся слівамі-паданкамі, і былі яны такімі агромністымі, духмянымі, вельмі смачнымі і салодкімі. Добра раслі на вясковых градках гуркі і другая гародніна. Лішкі ўраджаю, атрыманага з хатняй гаспадаркі, мы вазілі на базар. Часцей за ўсё гэта быў горад Слуцк. Хоць і знаходзіўся ён на значнай адлегласці ад нашага мястэчка (крыху больш за пяцьдзесят кіламетраў), але страты на дарогу апраўдваліся, бо случчане добра бралі экалагічна чыстыя прадукты. Слуцк быў вялікім горадам, намнога большым, чым той жа Клецк, які знаходзіўся амаль удвая бліжэй да Мервін. Не прыпомню такога выпадку, каб нашы вясковыя прысмакі мы прывозілі назад у сяло. Гараджане разбіралі ўсё: слівы, яблыкі, гуркі, іншую садавіну і гародніну і нават прасілі прывезці яшчэ. Але галоўнае, чым займаюцца мае землякі і чым славіліся Мервіны ва ўсё часы – гэта выраб мясных далікатэсаў: вяндлін, каўбас, каўбушкоў з рознымі начынкамі, вантрабянак, вэнджаных каўбасак і кумпякоў. Спакон вякоў мервінцы гадавалі свіней на ўбой. Абавязкова ў кожнай сям’і было два, а то нават і тры кабанчыкі. Альбо, як казала мая мама, куплялі на базары парачку: кабанчыка і свінку. Такая парачка ахвотней спажывала ежу і хутчэй набірала ў вазе. Таму дасведчаныя людзі стараліся браць парачку і гадавалі іх не паўгода, як гэта робяць мае знаёмыя вяскоўцы зараз, а трымалі іх амаль год, а то і паўтара. Часцей за ўсё парасят бралі ў кастрычніку – на зіму, як казалі тады. Пакуль малыя парсюкі падрасталі, разыходзілася не вельмі многа кармоў, а там у хуткім часе наступала вясна. У цёплую пару года падсвінкам давалі ўсё, што расло ў агародзе: бацвінне, зелле, часам кідалі скошаную траву, але асноўным рацыёнам мясных гадаванцаў, вядома ж, заставаліся вараная бульба і мука. Калі ў гаспадарцы была карова, то ў свіное карыта часцяком траплялі перагон, сыроватка і маслянка. Перагон – прадукт перапрацоўкі малака. Ён атрымліваўся пасля таго, як з цэльнага малака збіраліся вяршкі. Іх аддзялялі, апускаючы свежанадоенае каровячае малако ў калодзеж, пасля таго як малако там ахалоджвалася і адстойвалася, яго даставалі з калодзежа і пераганялі: раздзялялі на дзве часткі: верхнюю – вяршкі (па-руску «сливки») і ніжнюю – перагон (каб было вам зразумела, перагон тое самае, што абястлушчанае малако). Вяршкі здымалі з мэтай атрымання сметанковага масла. Прыблізна раз у два тыдні, пасля таго як атрыманая такім чынам смятана скісала з яе ў спецыяльнай драўлянай маслабойцы збівалася масла, такім чынам атрымлівалася маслянка – пабочны прадукт вытворчасці сметанковага масла. Перагнанае малако (без вяршкоў) ішло на прыгатаванне сыру, пасля працэджвання падагрэтага да пэўнай тэмпературы кіслага малака і атрымання тварагу заставалася сыроватка. Яе таксама як і перагон, і маслянку, маглі аддаваць свінням. Дык вось, гадавалі свіней на ўсім сваім: і бульбу, і зерне, і рознае зяленіва стараліся вырошчваць самастойна на сваіх прысядзібных участках, каб не купляць у магазіне. Білі свіней у Каляды, калі на вуліцы стаяў мароз. Зацемна, з самага ранку, пачыналася падрыхтоўка. Сам гаспадар самастойна не мог закалоць мажнага кабанчыка (альбо свінню), таму, як правіла, для гэтай справы запрашалі суседа, сваяка альбо іншага чалавека, які ўмеў гэта рабіць. У нашай вёсцы такім чалавекам-умельцам быў усё той жа Міхаіл Міхайлавіч. Усе мервінцы ведалі: лепш за Міхайлавіча ніхто ў вёсцы свінню не заколе і не разбярэ. Былі тут свае хітрасці, свае сакрэты майстэрства свежавання, у якія дзяцей і жанчын асабліва не пасвячалі. Адно ведаю, трэба было так закалоць кабанчыка, каб кроў у тушы сабралася недзе ў адным месцы. Потым гэтую кроў збіралі і з яе выраблялі каўбасу-крывянку. Як вы ўжо зразумелі, і білі, і свежавалі свіней па строга ўстаноўленых правілах. Смалілі забітага парсюка «газам» (некаторыя для гэтага выкарыстоўвалі падпаленую салому), гэта значыць бралі балончык з прыродным звадкаваным газам, прымайстроўвалі да яго спецыяльную гарэлку, падпальвалі і смалілі да той пары, пакуль скура на забітай жывёліне не пажаўцее. Пасля гэтага пачыналі чысціць і мыць тушу. Жанчыны альбо дзеці дапамагалі дарослым, палівалі смаленую скуру кабанчыка цёплай вадой, а мужчыны працавалі добра завостранымі нажамі, нават рыхтавалі для такой справы спецыяльны інструмент. Выраблялі з металічнага ляза касы (звычайна з сярэдняй яе часткі) шырокі і гнуткі нож. Такім лязом было досыць зручна скрэбці спіну і бакі свіной тушы. Калі кабанчык быў пасмалены, чыста вымыты і выскрабены да белізны, пачыналася свежаванне. Першымі адразаліся кускі сала і мяса для стала, гэта рабілася для таго, каб гаспадыні паспелі прыгатаваць абед са свежыны, пакуль работнікі будуць разбіраць свіную тушу далей. І тут таксама ўсё ішло сваёй чаргою: мужчыны свежавалі, секлі косці, а жанкі чысцілі кішкі, рыхтавалі фарш, рабілі каўбасы. Паляндвіцы ды іншыя зграбныя кавалкі мяса моцна прыпраўлялі молатымі спецыямі (чорны перац, лаўровы ліст, кроп) і часнаком, салілі, шчыльна закручвалі ў натуральныя плеўкі, потым трымалі разам з каўбасамі ў моцным саляным расоле ажно да вясны, а ўжо пачынаючы з сакавіка-красавіка вывешвалі гэтыя мясныя нарыхтоўкі на веснавое сонейка, сушылі, вялілі. Бывала так: гаспадары за зіму наробяць столькі каўбас, што ўвесну хата з аднаго вугла да другога ўся ношкамі з мяснымі гатункамі абвешана. Праўда, каб не ўвесці чытача ў зман, трэба адзначыць, што сушылі каўбасы і кумпякі толькі з аднаго боку хаты – з паўднёвага. І рабіць гэта трэба было ранняй вясной, пакуль не было досыць цёплага надвор’я, прыблізна ў сакавіку-красавіку. У такім тэмпературным рэжыме каўбасы паволі высыхалі і рабіліся больш шчыльнымі і цвёрдымі. Калі ж наступаў травень, мясныя вырабы патрабавалі вэнджання. Тады мужчыны ішлі ў лес і там нарыхтоўвалі ядловец і іншыя духмяны галінкі ў вялікай колькасці. Кожны паважаючы сябе гаспадар-мервінец меў сваю асабістую, як бы мовіць, хатнюю вянглярню, месца, дзе вывешваліся роўнымі радочкамі амаль гатовыя да ўжытку мясныя далікатэсы. Вэнджанне працягвалася недзе каля тыдня, увесь гэты час гаспадару трэба было падтрымліваць вогнішча, падкідваць галінкі ядлоўцу і іншых раслін, каб духмяны дым падымаўся ўгару, туды, дзе вісела мяса. І вось нарэшце наступаў той момант, калі ўся паслядоўнасць дзеянняў выканана, усё гатова і можна паспытаць на смак свежыя вяндліны. Як зараз памятаю той непараўнальны ні з чым іншым пах тонкай вэнджанай каўбаскі! Чаму тонкай? Таму што каўбасы дзяліліся на дзве часткі: тонкія і тоўстыя, у залежнасці ад таго, з якой часткі кішэчніка браліся вантробы для іх начыньвання. Есці каўбасы пачыналі заўсёды з тонкіх, потым ужывалі ў ежу тоўстыя, і толькі апасля, недзе ў верасні, надыходзіла чарга спажываць каўбушок і паляндвіцы. Адным словам, і на ўжыванне мясных прадуктаў, як і на іх вытворчасць, таксама была свая чарга, свая паслядоўнасць. Вяртаючыся назад да галоўнай тэмы нашай размовы, зазначу, што ўсяго ў гэтым, досыць працяглым па часе, вытворчым працэсе павінна было быць у МЕРУ: і солі, і прыпраў, і холаду, і сонца, і дыму, і кулінарнага майстэрства. Калі ж усяго хапала і ўсё было зроблена як след, ад душы, то і вынік працы задавальняў. Пра гэтыя самыя мервінскія вяндліны і каўбасы некалі, яшчэ ў савецкія часы, здымалі дакументальны фільм. Вось тады і праславілася наша вёска сваімі мяснымі прысмакамі на ўсю велізарную краіну Саветаў. Амаль круглы год у вёсцы да стала падаваліся вэнджаныя каўбасы і мяса. Елі іх усё з тымі ж гуркамі са свайго агарода ды з чорным хлебам, які куплялі ў магазіне. Як зараз памятаю, на адзін рубель выходзіла якраз пяць буханак і яшчэ дзесяць капеек здачы. На жаль я не застала той час, калі пяклі свой хатні іржаны хлеб. Мая маці пякла толькі белыя пірагі, але рабіла гэта досыць часта і абавязкова «замешвалі булкі» на Вялікдзень. Да гэтага свята рыхтаваліся старанна (хоць мае бацькі былі няверуючымі людзьмі). У хаце наводзіўся ідэальны парадак, пралася і змянялася ўся бялізна, фіранкі на вокнах і на печы. Мыліся вокны, праціраліся да бляску ўсе шкляныя келіхі ў серванце, выносіліся на вуліцу і вытрэсваліся дываны, коўдры, пасцелі. А ўжо напярэдадні Вялікадня расчыняліся пірагі, варылася мяса (як правіла, свіное сцягно), фарбаваліся яйкі і абавязкова церлі хрэн (свой, нарыхтаваны з восені, які да гэтага часу захоўваўся ў пограбе, альбо свежанакапаны, калі Вялікдзень быў позні). Яшчэ раз падкрэслю, што мервінцы куплялі ў краме толькі самае неабходнае, тое, што нельга было выгадаваць альбо здабыць. Усё астатняе выраблялі самі: пяклі пірагі, бабку, жарылі блінцы альбо ладкі, церлі дранікі, варылі кашы, клёцкі. Часта на абед мама рыхтавала кіслую капусту, елі яе часцей за ўсё з камякамі (тоўчаная, прыпраўленая смажанай цыбуляю бульба, запечаная ў печы ў выглядзе пірага). Часам гатавалі смажаную бульбу з мясам, калдуны, мачанку з хатняй каўбасой і смятанай. Са свіной галавы альбо ножак атрымлівалася наварыстая квашаніна (па-руску «холодец»), якую падавалі да стала з цёртым часнаком. Увосень, калі пачыналі паліць у печы, сушылі вялікую колькасць груш, сліў, яблык. Потым з гэтых хатніх сухафруктаў варылі кампот – цёмна-карычневы, смачны, да немагчымасці насычаны. Яшчэ з дзяцінства памятаю кісялі з самых розных ягад: чарніц, журавін, вішняў, парэчкі і нават з прыгажуні-каліны, костачкі якой нагадвалі маленькія сэрцы. Досыць незвычайны кісель атрымліваўся з сушаных антонавак. Гэты яблычны кісель быў густым і, разліты па талерках, быў падобны на карычневы мармелад. Добра было жыць у той час у вёсцы! Хочацца таксама прыпомніць нашых вясковых настаўнікаў, якія працавалі ў нашай Мервінскай васьмігадовай школе (звычайным драўляным будынку, падобным на вясковую хату): Сянькевіча Іосіфа Антонавіча – майго першага настаўніка беларускай мовы і літаратуры, яго жонку Вікторыю Сяргееўну, якая выкладала нямецкую мову; Лобана Васіля Канстанцінавіча і яго жонку Надзею Іванаўну; настаўніцу хіміі – Мацейка Галіну Георгіеўну і яе мужа Мацейка Міхаіла Захаравіча, які выкладаў у нас фізічнае выхаванне; Шкуцько Людмілу Аляксандраўну – настаўніцу рускай мовы і літаратуры; Бурдзейка Марыю Паўлаўну – настаўніцу пачатковых класаў і яе мужа Уладзіміра Васільевіча; настаўніц фізікі і матэматыкі Семянчук Ванду Браніславаўну, Козел Ірыну Іванаўну. Хочацца падзякаваць ім за выхаванне, за прывітую любоў да нашай роднай зямлі, да мілагучнага беларускага слова і да другіх навук. Прыпамінаючы ўсё тых жа мервінцаў, хочацца сказаць: добра, калі людзі ва ўсім знаюць меру і жывуць з пачуццем чалавечай годнасці, калі вядуць лік добрым справам, выпітаму і з’едзенаму, калі ведаюць, як трэба працаваць і весяліцца. Як кажуць у нас на Клеччыне – мервінцы людзі добрыя. Магчыма, крыху занадта ашчадныя, бо ведаюць цану кожнай здабытай у сваёй нялёгкай сялянскай працы капейцы. Працавітыя, умелыя, шчырыя, ветлівыя, добразычлівыя людзі, дзякую вам за вашы турботы і за вашу навуку. Апошнім часам у маёй роднай вёсачцы з’явілася шмат буслоў. Гэтыя вестуны дабрабыту аблюбавалі тэлефонныя слупы, што стаяць абапал галоўнай мервінскай вуліцы. Будуюць свае гнёзды белакрылыя птахі і на высокіх ліпавых дрэвах і на дахах закінутых будынкаў. Цяпер тут уранку можна пачуць не толькі звонкі пошчак шпакоў, які некалі будзіў мяне ў школу, але і бусліны клёкат. Разам з бусламі вяртаецца ў вёску і моладзь, некалькі маладых сем’яў прыехала на пастаяннае месца жыхарства ў мае родныя Мервіны… ЗЫКАНСКОУ той мясцовасці, дзе я расла, а гэта была заходнебеларуская вёска, старыя людзі часта ўжывалі ў штодзённым жыцці польскія словы. Так у нас, у Мервінах, гаварылі «ровар», замест паўсюдна распаўсюджанага слова «веласіпед». Казалі «выйсці на шпацыр», замест «выйсці на прагулку». Часам можна было пачуць ад пажылых людзей «які выкшталцоны кавалер» – гэта значыць стыльны, добра апрануты. «Завіхацца з імпэтам» – гэта тое ж самае, што рабіць з разгонам, парывіста, імкліва. Прызба, вільчак, цыдулка, кварта…– магчыма, былі яшчэ якіясь мясцовыя словы, якія засталіся на нашай зямельцы ад паноў. Бо гэтая тэрыторыя працяглы час (з 1921года да верасня 1939 года) была ў складзе Польскай Рэспублікі. Мая бабуля, ды і ўсе людзі таго пакалення, крыху ведала польскую мову і часам размаўляла на ёй са мной і іншымі малымі. Было ў мяне ў дзяцінстве адно асаблівае слова, якое я аднойчы пачула ад сваёй старэнькай бабулі, а магчыма і сама прыдумала. І было гэта маё самае любімае слова, мая вялікая таямніца, маё вынаходніцтва, калі хочаце. Заўсёды, калі мне было вельмі-вельмі добра і прыгожа на душы, я казала: «ЗЫКАНСКО!» Гэтае кароценькае слова ўключала ў сябе ўсе адценні шчасця і нават нейкага звышшчасця. Бо радасным і задаволеным можа быць кожны. Ну вось, да прыкладу, можа сказаць: «Якое добрае сёння надвор'е, як прыгожа свеціць сонейка, як прыемна пахнуць кветкі», – і ўсё гэта звычайныя банальныя выказванні. І зусім іншая справа, калі па-сапраўднаму зыканско, гэта калі вецер у твар, а ты нясешся як ашалелая з гары на сваім блакітным веласіпедзе і ажно дух захоплівае ад хуткасці і жаху, ад усведамлення таго, што адзін недакладны рух і ты паляціш кубарам са стромкага спуску разам са сваім жалезным сябрам. Зыканско – гэта шчымлівая ўсёпаглынальная радасць, захапленне, найвышэйшая асалода ад успрыняцця навакольнага свету такім, якім ён ёсць, і адчування сябе часцінкай гэтай усеагульначалавечай дзеі. Упершыню гэтае слова нарадзілася ў маёй свядомасці, калі я практыкавалася ездзіць на веласіпедзе. Было мне тады гадоў пяць-шэсць. Асвоіць навуку язды на ровары была задача не з лёгкіх. Ды і сам механізм быў не маленькі, які-небудзь трохколавы, а сапраўдны дарослы. Праўда без рамы, як бы мовіць жаночы варыянт. Яго змайстраваў мне тата з тых спадручных матэрыялаў і запчастак, якіх было поўна ў яго гаспадарчым закутку. Бацька любіў майстраваць і лічыў сябе нерэалізаваным канструктарам-вынаходнікам. Памятаю, як ён старанна падбіраў кожную дэталь будучага сродку перамяшчэння, нешта шліфаваў, змазваў мазутам, закручваў гайкі, потым падбіраў падыходзячыя па памеру колы (бо колы ў маім веласіпедзе былі нестандартныя, крыху меншыя, чым у звычайных савецкіх веліках, усё тыя ж – польскія). А калі справа была зроблена і веласіпед быў гатовы да выкарыстання, каб не надта кідалася ў вочы разнашэрснае паходжанне яго дэталяў, тата пафарбаваў сабраную ім канструкцыю ў далікатны, светла-блакітны колер. І гэта мне таксама вельмі падабалася, выклікала пачуццё захаплення. Адразу ў мяне не атрымлівалася язда на двухколавым транспартным сродку. Не хапала смеласці націснуць на педаль на ўсю моц і рухацца без падтрымкі дарослых. Мне здавалася, што гэта наогул немагчыма, што не можа такі груваздкі прадмет не падаць у такім няўстойлівым становішчы. Бацька ж казаў, што трэба набраць хуткасць, тады будзе і раўнавага. Каб праверыць праўдзівасць татавых слоў, трэба было набрацца смеласці і даверыцца яму – веласіпеду. Я разумела, што мне неабходна неяк пасябраваць з гэтай жалязякай і націскаць на педалі з усёй моцы, прыкладаючы вагу ўсяго майго яшчэ не надта важкага арганізма. І вось нарэшце я набралася храбрасці, узяла веласіпед у рукі і павяла яго на палявую дарогу, што цягнулася ўздоўж вёскі, за агародамі. «Там ніхто не будзе замінаць мне вучыцца ездзіць на ровары», – падумала я. Дайшоўшы да месца, з усёй сілы рашуча націснула на педаль, які быў у гэты момант угары, адарвалася другой нагой ад зямлі і паехала, паляцела, стоячы прама, бы чапяла... Упершыню ў жыцці! Сама! Я націскала па чарзе то на адзін, то на другі педаль, а ровар рухаўся наперад з неверагоднай хуткасцю. Ажно дух пераймала і было неверагодна добра – ЗЫКАНСКО. Пасля вынаходніцтва гэтага слова я яго ўжывала неаднойчы. Самыя яскравыя моманты майго дзяцінства – гэта калі перад табой вялікае рамонкавае поле, папар увесь пакрыты далікатнымі белымі кветачкамі з жоўтымі вочкамі. І ты нібыта плывеш сярод гэтай прыгажосці, ступаеш па воблаку кветак. Але самае цікавае адбывалася ў той момант, калі я збірала кветкі ў вялікі абярэмак, заплюшчвала вочы і апускала твар у гэты кветкавы дыванок. Потым я асцярожна расплюшчвала вочы і… – кветкі былі ў непасрэднай блізкасці, непамерна вялікія, бездакорна-белыя, нейкія невымоўна-родныя, зусім іншыя. Як быццам жывыя глядзелі яны на мяне жоўтымі вочкамі, і раптам я ўсведамляла, наколькі гэта прыгожа, бездакорна, як гэта зыканско. Альбо можна было доўга-доўга ляжаць на тым жа рамонкавым лузе раскінуўшы рукі ўшыркі і назіраць, як плывуць над табой аблокі. У такія хвіліны, здавалася, што ты адчуваеш, як паварочвае свае агромністыя бакі наша матухна – планета Зямля і ляціць разам з табой у бязмежнай касмічнай прасторы. А навокал бязмежная рамонкавая прыгажосць, трапяткія трэлі конікаў і мноства другіх, амаль непрыкметных воку, дробных выканаўцаў. Зыканско было купацца ў невялікай рачулцы Лань, якая працякала, ды і зараз яшчэ цячэ праз наша Мервінскае балота. Праўда балота таго ўжо амаль няма, ды і рачулка абмялела, пераўтварылася ў звычайны заглеены ручай. Але тады, у пару майго дзяцінства, мы – дзеці і падлеткі – хадзілі купацца на Лань. У Малых Мервінах была купанка, дзе рака рабіла не надта рэзкі, акруглы паварот і была настолькі мелкай, што можна было пераходзіць яе ў брод. Гэтым карысталіся сяляне і, бывала, перапраўляліся на другі бераг і пешшу і на конных павозках. Гэтую мясціну ўпадабалі і мы, дзеці, бо не ўсе з нас умелі плаваць, і было боязна заходзіць у ваду ў глыбокім месцы. Заходзілі тут, на мелкаводдзі, а потым паціху прасоўваліся далей, туды, дзе вада была больш глыбокай. Вось там ужо можна было і паплаваць, і паныраць, а пры жаданні нават прыгнуць у раку з самаробнага трампліна. Неяк, пасля доўгага спякотнага дня, мы з сяброўкамі пайшлі на гэтую купанку ўвечары. Сонца ўжо хавалася за гарызонт, калі мы, стомленыя дарогай, увайшлі ў раку. А вада была такой лагоднай, такой цёплай, быццам сырадой, і раптам здарыўся цуд. Невялікія рыбкі, якія вадзіліся ў Лані ў вялікай колькасці пачалі выскокваць з вады. Магчыма, гэта была такая гульня ў даганялкі, альбо рыбы проста радаваліся жыццю і падскоквалі ўгару ад задавальнення. Мы купаліся ў цёплай малакападобнай вадзе, а побач з намі бавіліся, вар’яцелі ад шчасця рыбы. Яны выскоквалі на паверхню зусім побач, і мы бачылі іх ашалелыя вочы, бліскучую луску, якая пералівалася ў апошніх сонечных промнях. Гэта было па-сапраўднаму зыканско. Звышцудоўна было знаходзіць напрыканцы чэрвеня аграмадныя чырвоныя ягады-суніцы і адразу ж класці іх у рот, бо раслі яны не на градзе, а ў раўку, што вымыла вада непадалёку ад нашай забудовы. Ягады раслі на здранцвелых пакатых схілах гэтага рова і, здаецца, я ведала кожную сунічную палянку, кожны кусцік. Збіраць чырвоныя бамбэшкі альбо бомбачкі (так я называла суніцы) хадзіла штодня і штодня знаходзіла для сябе тут нейкую новую забаўку. То яшчарку ўбачу, якая грэе на сонцы свае бакі, то нейкія незвычайныя расліны, то птушачку на гняздзечку. Аднойчы я нават сустрэла ў раўку шэрага ляснога зайца і гэта было забаўна – зыканско. Калі мой старэйшы брат, альбо тая ж старая бабуля (якая ведала польскую мову) бралі мяне ў лес па грыбы. Мяне захапляла гэтае грыбное паляванне настолькі, што я магла ненаўмысна заблудзіцца. Але гэтага не здаралася, бо дарослыя занадта пільна за мной сачылі, і мы раз-пораз перагукваліся. «Агу, Ната, ты дзе?» – крычала бабуля. Нават калі я была амаль побач, яна ўвесь час «была на сувязі». Калі ж я не адразу давала аб сабе знаць, то бабуля прыкладвала рукі да твару, рабіла як быццам такі невялікі рупар са сваіх далоняў, і тады ўжо моцна на ўвесь лес крычала: «Ната, Наташа». І я адразу чула і падыходзіла бліжэй. Баравікі, якія мы так настойліва шукалі ў лесе, як правіла, самі ў рукі не даваліся. Яны так умела хаваліся пад рознымі лісцікамі, купінамі і галінкамі, што трэба было яшчэ папалазіць па кустах, папрыглядвацца. Але, па праўдзе кажучы, у майго брата, ды і ў мяне апасля, былі свае грыбныя мясціны. Мы ўжо ведалі, дзе абавязкова знойдзецца праўдзівы грыб. Вядома, бывалі і казусы. Аднойчы я знайшла вялізны крамяны баравік з шапкаю амаль роўнай сталовай талерцы проста таму, што залезла на вялікі камень, які ляжаў абапал дарогі. Калі ж я ўскараскалася на гэты валун, то заўважыла, што з другога боку, прама ля падножжа каменя, расце грыб-велікан. Колькі ж радасці было ў мяне. І тады ж упершыню ў жыцці мой старэйшы барат – заядлы грыбнік – мне пазайздросціў. Увесь час, пакуль мы ішлі з лесу да хаты, ён казаў: «Ну ты, сястрыца, і вязучая! Такі грыб знайшла! Ды яшчэ дзе – ля самай дарогі». А мне было салодка на душы ад гэтых яго ўзрушаных слоў. Мне было зыканско. Пачуццё неймавернага шчасця напаўняла мяне, калі я падымалася на драўляны маяк, які стаяў на самай высокай гары наваколля – Мацулішынай, так казалі ў нашай вёсцы. Гэты маяк, як тлумачылі дарослыя, пабудавалі тапографы, якія складалі дакладны план мясцовасці. Яле пасля таго, як справа была завершана, асірацелы маяк працяглы час стаяў на ўзвышшы і прыцягваў смельчакоў, якія б не пабаяліся па драўляных, не значна зручных лесвіцах ускараскацца на яго глядзельныя пляцоўкі. Такіх пляцовак было дзве, адна амаль на сярэдзіне маяка, а другая значна вышэй, амаль што на вільчаку. Залезці на верхнюю пляцоўку мне ўдалося толькі аднойчы. Гэта быў рызыкоўны смелы ўчынак, бо ніякай страхоўкі, ці поручаў на маяку не прадугледжвалася. Калі ж я, пераадолеўшы страх, узлезла па хілых драўляных кругляках на самую вяршыню маяка і азірнулася навокал, то ажно дух перахапіла. Гэта было суперзыканско. Вецер звінеў у вушах, аблокі, здавалася, ляцелі з неверагоднай хуткасцю і абшар пераўтварыўся ў неабсяжную прастору. Адгэтуль была добра відаць уся наша невялікая вёска, якая цягнулася абапал брукаванай дарогі. Былі відны старыя разлапістыя таполі, якія стаялі, бы вартавыя, абапал гасцінца. Гэтыя самыя таполі саджалі яшчэ пры панах, і што дзіўна, усе таполі былі мужчынскага полу. Па вясне ўся вёска была завалена чырвонымі «вусенямі» мужчынскага пустацвету і ніводнай жаночай пушынкі, ніводнага тапалінага парастка. Далей, калі глядзець на ўсход, можна было заўважыць крывое русла той самай Лані, у якой мы купаліся. Абапал ракі раслі нешматлікія кусцікі вербалозу, чароту. А яшчэ далей бачыліся іншыя вёскі: Грыцэвічы, Цясноўка, Нагорнае, Рубеж. З захаду ад маяка знаходзіўся значны масіў цёмна-малахітавага лесу, але праз лес таксама ішла дарога і па гэтай дарозе зрэдку праязджалі аўтамабілі. Значна больш транспартных сродкаў было на шашы. Якая цягнулася папярок усяго ландшафту. Гэтая дарога злучала буйныя гарады Баранавічы і Слуцк. З вышыні птушынага палёту палеткі выглядалі зусім інакш: роўныя купчастыя радочкі бульбы, аксамітна-шаўковыя загоны шматгадовых траў, дзе-нідзе цвіла канюшына, лубін, але самае прыгожае поле было блакітнае, нібы рама ў маім веласіпедзе, і гэта былі далікатныя кветачкі ільна-даўгунца. Прайшло столькі год і адчуванне непамернага шчасця пакінула мяне. Калі я развіталася са сваёй роднай вёсачкай і паехала вучыцца ў горад, то больш ніколі не ўжывала сваё патаемнае і такое ёмістае слова ЗЫКАНСКО. 29.09.2021г.
ЛЁС ЧАЛАВЕКА, ЦІ НАКАНАВАННЕ З НЯБЁСАЎШто мы ведаем пра свой лёс? Ці патрэбна наогул ведаць чалавеку, што яго чакае наперадзе? Царква забараняе розныя гаданні і прадказанні, асабліва калі гэта суправаджаецца вядзьмарскімі абрадамі, выклікам нячыстай сілы ці мерцвякоў. Маўляў, колькі адведзена Богам на гэтай зямлі – столькі і пражывеш, навошта лішнія веды, наконт таго, калі ты памрэш, ды пры якіх абставінах. Такія веды не ідуць на карысць асобе, чалавек робіцца як быццам запраграмаванай марыянеткай, чакае нечага нядобрага, непазбежнага…
Раскажу вам праўдзівую гісторыю з жыцця майго прадзеда Івана Іванавіча Хмялеўскага. Доўгі час ён жыў у вёсцы Грыцэвічы Клецкага раёна Мінскай вобласці і служыў пры царкве старастам: збіраў ахвяраванні на храм, вёў царкоўную касу. Акрамя гэтага выконваў розныя даручэнні святара па прыхадской гаспадарцы: даглядаў за коньмі, прыбіраўся на двары. Калі дроў трэба было прывезці, ці накалоць, адрамантаваць што-небудзь, бацюшка заўсёды звяртаўся да старасты, а той у сваю чаргу, альбо сам выконваў даручаную справу, альбо шукаў таго, хто мог яе выканаць. Царква ў Грыцэвічах была невялікая, драўляная, пабудаваная яшчэ ў 19 стагоддзі - Храм святых апосталаў Пятра і Паўла. Неяк напярэдадні Пасхі вырашыла гаспадыня, жонка Івана Іванавіча – Клаўдзія Мацвееўна навесці парадак у пакойчыку, які раней займала іхняя жылічка – польская настаўніца Агнэжка. Дзяўчына, здымала пакой у гасцінных гаспадароў аж да восені 1939 года, да таго самага моманту, калі Савецкая армія пайшла ў наступ і вызваліла заходнюю Беларусь. Да гэтага ж, ажно 18 год (з 1921 па верасень1939 года), былі гэтыя мясціны пад Польшай. Агнэжка мела добрую адукацыю і, пакуль жыла ў Хмялеўскіх, многаму навучыла сваіх гаспадароў. Асабліва блізка яна сышлася з Еўкай – адзінай дачкой Клаўдзіі і Івана. Напрыклад, польская настаўніца была добрай кухаркай. Умела разводзіць дрожджы, паступова змешвала іх з белай пшанічнай мукой і іншымі складальнікамі, а потым, пасля вымешвання цеста, выпякала з яго лёгенькія быццам пух, духмяныя пірагі. У той час у вёсцы толькі асобныя гаспадыні асмельваліся на такія эксперыменты. Агнэжка навучыла вясковую дзяўчыну як правільна даглядаць за святочным адзеннем, як зрабіць так, каб яно доўгі час не губляла прываблівы знешні выгляд. Настаўніца давала парады, як праць пасцельную бялізну, потым яе падсіньваць, крухмаліць, а калі ўжо высахне – як правільна прасаваць. Усе ўказанні кватаранткі трэба было выконваць бездакорна, бо Еўка і яе матуля Клаўдзія Мацвееўна слугавалі польскай настаўніцы, выконвалі яе шматлікія даручэнні, за што атрымлівалі дадатковую плату. У Агнэжкі была вялікая бібліятэка. Яна шмат чыталаі лёгка запамінала, часам, калі была ў добрым гуморы, магла нават пачытаць верш уголас, нешта распавесці. У сваёй большасці ў жылічкі былі кнігі на польскай мове, але часам, калі Агнэжка наведвалася ў мясцовую краму, то набывала друкаваныя выданні і на рускай, і на беларускай. Школьных падручнікаў, друкаваных твораў мастацкай літаратуры ў той час было вельмі мала. Папера – лічы раскоша, не хапала нават на цыгарэты, ні тое што на нейкія іншыя патрэбы. Дзеці ў школе пісалі на старых газетах, ці проста мелам на дошчачках. Адну кнігу-чытанку выдавалі на 5-10 вучняў. Менавіта па гэтай прычыне, калі полька з’ехала, настаўніцкія паперы не выкінулі, яны засталіся ляжаць тут жа ў яе пакоі, пад ложкам.
– Паглядзі, Іванка, што тут у гэтым стосе захоўваецца, можа дзецям у школу можна ўзяць, а то сшыткаў зусім няма, – прамовіла Клаўдзія Іванаўна, падаючы клунак былой кватаранткі старому. Калі ж дзед Іван узяў у рукі звязаны абярэмак папер, распатрашыў яго, пачаў разглядаць, перакладваць лісточкі, каб вырашыць іх далейшую долю, то зацікавіўся адным непрыкметным выданнем, жаўтлявай кніжыцай, бо назва ў яе была занадта прыцягальнай – “Кніга лёсаў”. – А што дзяўчаткі давайце паглядзім, што тут напісана, – прапанаваў дзед Іван тром сваім унучкам: Галачцы, Валечцы і маленькай Янечцы. Дзяўчынкі цягнуліся да дзеда з дзіцячай непасрэднасцю, усімі сваімі дзіцячымі душамі, бо былі сіроткамі. Пайшоў чацвёрты год з таго моманту, як прыйшла пахавальная на іх татку Шкуцько Уладзіміра Васільевіча. Таму і жылі яны зараз у старой дзедавай хаце са сваёй мамачкай Евай. У адзін момант, пасля смерці Валодзі, стала Еўка са сваім дзявочым вывадкам нялюбай нявестка ў новым Шкуцькаўскім доме. Іван Іванавіч – быў сапраўдным сялянскім дзедам, нягледзячы на тое, што ў бягучым 1948 годзе яму стукнула ўжо шэсцьдзясят, выглядаў досыць прывабна – высокі, стройны, заўсёды ў добрым гуморы. Улетку дзед Іван насіў белую кашулю падпяразаную нешырокім паяском, чорныя порткі і лёгкія туфлі. Калі ж, бывала, ішоў у царкву, альбо ў святы – клаў скураныя боты – сапраўдныя вайсковыя. Наогул вайсковае адзенне ў той час “было ў модзе”. Вельмі часта на вясковай вуліцы можна было сустрэць чалавека апранутага ў ваенную гімнасцёрку, альбо шынель. Не быў выключэннем і дзед Іван. Якім чынам з’явіўся Хмялюк у Грыцэвічах можна толькі здагадвацца, бо родам мой прадзед быў з вёскі Кукава Ганцавічскага раёна, дзе да гэтага часу прозвішча Хмялеўскі сустракаецца досыць часта. Адразу ажаніўся на дзяўчыне з Заполля, а потым пабудаваў хату непадалёку ад гэтай вёскі. Хутчэй за ўсё, разлік быў на тое, каб пасяліцца ў сяле, дзе ёсць царква. Бо як я адзначала вышэй чалавекам ён быў веруючым і служыў пры храме старастам. Вочы ў Івана Іванавіча былі незвычайныя, пранізлівыя – нібы два бліскучыя цёмна-карычневыя арэшкі, глядзелі на суразмоўцу з цікаўнасцю і неабыякавасцю, як быццам вызначалі вартасць чалавека: “На што ты здатны? Які-такі фрукт”. Бывалі моманты што яны (гэтыя вочы) гарэзліва пасміхаліся, альбо свяціліся лагодаю і ласкаю. Часцей за ўсё гэта адбывалася, калі ён паглядаў на сваю малодшую ўнучку Янечку. Хмялеўскі насіў пышныя, яшчэ не зусім сівыя вусы, такімі ж пышнымі ды кучаравымі былі і валасы дзеда Івана. Прыгожымі прычоскамі ў спадчыну надзяліў ён усё сваё сямейства. І дачка Ева, і тры ўнучачкі царкоўнага старасты былі кучаравыя. – “Усе мае, усе дзедавы”, – казаў ён, задаволена ўсміхаючыся. А суседзі называлі малых Іванавых унучак – “авечачкі”, усё з-за гэтых самых кучаравінак.
Іван Іванавіч разгарнуў першую старонку знойдзенай “Кнігі лёсаў”, стаў удумліва чытаць. – Дзеда чытай уголас, што там напісана? – пачалі пішчаць дзяўчаткі. – Што тут напісана? Ды вось кажуць, што лёс кожнага чалавека запісаны на нябёсах. І па даце яго народзінаў можна вызначыць колькі год яму – гэтаму чалавеку – адведзена пражыць на зямлі і нават даведацца ў якім годзе ён памрэ. – Дзеда, а гэта праўда, мы таксама памром? – запыталася старэйшая Галечка. – А наш татачка памёр? – надзьмула губкі маленькая Янечка. – Можа наш татачка яшчэ вернецца, можа ён толькі затрымліваецца на вайне? – умольна паглядзела на дзядулю сярэдняя, самая кучаравая і самая дасціпная з сястрычак. – Ну што ж давайце праверым вернецца ваш татка, ці не, – пагадзіўся дзед. І хоць дакладна ведаў стары, што яго зяця Шкуцько Уладзіміра Васільевіча няма ўжо ў жывых, што ён загінуў 11 снежня 1944 года ў далёкай Чэхаславакіі, каля мястэчка Бочкава, калі яго 1337 гвардзейскі стралковы полк пайшоў у наступ на фашыстаў. Што яго баявы таварыш і аднавясковец Аркашка сам, сваімі рукамі, пахаваў сябрука Валодзю там жа на ўзараным полі і нават паставіў невялікі драўляны крыжык на яго магіле, але пачаў дагаджаць унучкам: – Так ваш татка нарадзіўся 6 лістапада 1914 года і, калі верыць гэтым талмудам, павінен быў памерці… у 1944 годзе. – А калі я памру? Дзеда, паглядзі мяне, – папрасіла Валечка і назвала сваю дату народзінаў. Дзед Іван перагарнуў старонку і знайшоў патрэбны радок. – Жыць табе, унучачка, ды жыць. Доўгае жыццё табе наканавана, толькі ва ўзросце 88 гадоў прыйдзе за табой гэтая самая кастлявая з касой. – А мне колькі год адведзена? – запыталася Галечка. Дзядуля зазірнуў у табліцу: – Крыху менш, чым Валечцы, – прамовіў незадаволена дзед і зачыніў кніжыцу. – Ведаеце што, мае вы птушаняткі, а ці не пара вам ужо класціся спаць? Вунь сонца ўжо зусім нізка, а заўтра раненька ўставаць. Давайце, хто хутчэй засне той і малайчынка, а я праверу… Дзяўчаткі пабеглі, а дзед не пайшоў следам за імі ў свой закуток, а паціху пасунуўся на вуліцу. Яму раптам захацелася пабыць аднаму, падумаць. “Цікавая кніга, але ці праўдзівая, – думаў ён, – там напісана, што я, як быццам бы, павінен быў ужо памерці ў 1922 годзе. Насамрэч, у тым годзе, наколькі памятаю, я быў у польскай арміі і моцна захварэў брушным тыфам, ледзь не памёр.[П1] Казалі, што на адзін валасок ад смерці знаходзіўся, але ж неяк выкараскаўся, не спраўдзілася…”
***
– Хрыстос уваскрэс! – Сапраўды ўваскрос! – Андрэй паслухай што скажу, – звярнуўся дзед Іван да свайго даўнішняга сябра і суседа. – Сёння свята вялікае, працаваць нельга, можа пасядзім, пакумекаем, што ды як. Андрэя доўга ўгаворваць не прыйшлося. Мужчыны ўвайшлі ў прыбудовак драўлянай, шчодра абмазанай глінай і пабеленай хаты, выцерлі ногі аб вільготную анучу, што была пасцелена каля ганка. Далей апынуліся ў вузкім калідорчыку, які вёў у сталовую – першы пакой у хаце. Тут па правую руку размяшчалася вялікая выбеленая да свята печ, а па левую – доўгая драўляная лаўка на якой стаяла вядро са свежай пітной вадой і невялічкі эмаліраваны кубачак. Далей, насупраць прыпечка, стаяў кухонны стол-шкапчык і такія ж вузкія драўляныя лаўкі, але ўжо не такія доўгія, як абапал левай сцяны. Сусед, як толькі пераступіў парог хаты, гучна прывітаўся: – Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос! – пачуў голас гаспадыні, ды і дзеці падхапілі: – Сапраўды ўваскрос, дзядзя Андрэй! Госць хутчэй пасунуўся за святочны стол, які з такой нагоды быў ужо накрыты ў другой палавіне хаты і не прыбіраўся цэлы дзень: тут былі розныя прыгатаваныя яшчэ ў суботу прысмакі: пафарбаваныя ў чырвоны колер (шалупіннем з цыбулі) яйкі – яны стаялі пасярэдзіне стала. Далей ляжалі, вабілі сваім прывабным пахам, скібы наздраватых дражджавых пірагоў. Такія пірагі Еўка заўсёды пякла на святы, была ў гэтай справе непераўзыдзенай майстрыхай. На стале былі таксама: сметанковае масла, клінковы сыр, балазе свая кароўка ў гаспадарцы мелася, ды добры кусман варанай свініны. (Мяса, прыхаванае да пасхі захоўвалася ў бочцы з моцна салёным расолам, а зараз было вымачана і прыгатавана да свята руплівымі жаночымі рукамі). Падфарбаваны чырвоным бураком свежанацёрты хрэн стаяў тут жа ў невялікім шкляным слоіку з накрыўкай (каб не выдыхнуўся загадзя, не згубіў моцы). Тут жа ў хаце гулялі дзеці, тры дзяўчынкі. Галя і Валя былі пагодкамі нарадзіліся яшчэ да вайны, а вось малодшанькая Яніна з’явілася на свет у год вызвалення мястэчка ад нямецкіх захопнікаў, у маі 1944 года. У той час тата дзяўчынак быў яшчэ дома, паспеў патрымаць немаўлятка на руках, ды амаль адразу, летам 44-га, пайшоў на фронт. Трэба было як мага хутчэй пазбавіць родную Беларусь, ды і ўвесь белы свет ад гэтай карычневай чумы – ад фашысцкай нечысці. Плакала Еўка, калі адпускала свайго любага на вайну, чула сэрца нядобрае, плача і зараз, назіраючы за тым, як растуць без бацькі яе ненаглядныя дачушкі-“авечачкі”.
Дзяўчаткі пакруціліся каля стала, узялі з рук дзядзькі Андрэя па адным чырвоным яечку, бо на Пасху, ідучы ў госці, абавязкова клалі ў кішэню некалькі крашанак, а потым, па неабходнасці, раздавалі дзецям і знаёмым са словамі прывітання: “Хрыстос уваскрос!” Гулялі ў біткі. Часам, чынілі сапраўдныя спаборніцтвы на выбіванне яек. Умовы такія: калі тваё яйка аказвалася мацнейшым, то ты і забіраеш пашкоджанае, разбітае табой яйка і так да бясконцасці. Часам сустракаліся ў вёсцы майстры, што фарбавалі драўляныя яйкі ў чырвоны колер, і тады забіралі сабе ўсе крашанкі ў акрузе, рабілі гэта да таго моманту, пакуль не выяўлялі гэтую падробку і не выводзілі нягодніка на чыстую ваду. Выбітыя ім яйкі ў яго, вядома ж не адбіралі, але сваю рэпутацыю праўдзівага гульца ён губляў ужо назаўсёды. Таму ў такіх спаборніцтвах удзельнікі часта прасілі патрымаць у руках яйка свайго саперніка, паспрабаваць яго на зуб, каб упэўніцца ці сапраўднае, ці курынае. Бывалі выпадкі, што вынаходнікі красілі індычыя, ці гусіныя яйкі, і адбывалася такая ж карціна, як і з драўлянымі яйкамі-ўсепераможцамі. Нагуляўшыся ў біткі з дзядзькам Андрэем, дзяўчынкі пабеглі па сваіх дзіцячых справах. А дарослыя распачалі размову: – Вось, Андрэй, паслухай, цікавая рэч, – пачаў дзед Іван. – Палякі яны ж не дурныя, ды і вера іхняя не надта ад нашай адрозніваецца, праслаўляюць яны Ісуса Хрыста, як і мы праваслаўныя хрысціяне, але ж ёсць і адрозненні. Андрэй робіць выгляд, што ўважліва слухае свайго ўжо не надта цвярозага сябрука суседа, а сам як мага хутчэй стараецца прыкусіць. Ды што тут казаць, вельмі смачныя Еўчыны пірагі, тыя, што на дражджах яна пячэ. Ніхто такіх пірагоў у Грыцэвічах не ўмее зачыняць, а вось Еўка ўмее: мякаць пульхная, быццам вата, націснеш на скібачку, прыплюснеш пірог пальцам, ён сціскаецца, а потым адпусціш і – сапраўдны цуд – назад выпрамляецца быццам гумавы. А смак які! Здаецца пірог у роце растае, нават жаваць не трэба, адно каўтай, ды атрымлівай асалоду. – Андрэй, ці ты чуеш, што думаеш па гэтаму пытанню? – урэшце дайшло да свядомасці дэгустатара пірагоў. – Іванка, а я што, я заўсёды “за”, усё падтрымліваю. Проці ўлады ні папрэш… – Ну ты й дурань, Андрэйка, што ты там падтрымліваеш? Я цябе запытваю, ці верыш ты ў лёс? У наканаванне звыш – верыш? – Веру, – упэўнена матнуў галавой падвыпіўшы сусед. Іван недаверліва паглядзеў у бок свайго суразмоўцы: – А што, калі я зараз табе скажу, што ведаю калі ты памрэш? Назаву канкрэтную дату, ці паверыш? Андрэй ад нечаканасці ажно папярхнуўся, зацікаўлена падняў бровы і вылупіў не надта цвярозыя вочы на Івана. – Ну і самагонка ў цябе, браце, моцная, няйначай пяршак? Не разумею, як гэта ты мне прадкажаш смерць, навошта? Я жыць хачу. – Ды к і я хачу, усе жыць хочуць,– не сунімаўся дзед Іван. – Вунь у мяне ажно тры ўнучкі прыгажунькі растуць, бацькі няма. Мне ж трэба іх неяк падтрымаць, падумаць як замуж выдаць. А тут гэтая кніжэнцыя, няхай яе пярун возьме, на вочы трапіла, а я таксама схібіў, не падумаўшы як след, узяў ды й прачытаў. А цяперачы вось не знаходжу сабе месца, братка. – Мая Клаўдачка сварыцца на мяне, кажа знайшоў чаму верыць. Выкінь, кажа, з галавы. А я не магу, засела гэтая думка недзе там, у маёй свядомасці і свідруе, свідруе… І ўдзень, і ўначы думаю аб гэтым. – Дык што за кніжка такая, Іванка, што нам напісана? – Не вытрымаў ужо Андрэй такога падыходу. – А кніга гэтая вучоная, з царквы прынесеная нашай жылічкай Агнэжкай. “Кніга лёсаў” – так і называецца, дык у гэтай кнізе напісана ў якім годзе хто памрэ. – Вось глядзі, ты дату народзінаў сваіх ведаеш? – Так, ведаю. – Андрэй цвёрда прамовіў дату і год, калі ён нарадзіўся на свет. – Шукай, суседзе, свой дзень народзінаў у гэтай табліцы, а тут глядзі далей, калі верыць гэтым падлікам, то памрэш ты ў… 1950 годзе. Гэта значыцца засталося нам з табой, браце, пражыць на гэтым свеце ўсяго два гадочкі. Бо, як паказвае табліца, мой жыццёвы гадзіннік таксама заведзены толькі да 1950 года. Адразу я, як быццам бы, павінен быў даць дуба ў 1922 годзе, ды выжыў. Моцна я тады хварэў, Андрэйка, а вось бачыш тут і зноска ёсць, калі маўляў не памрэш у вызначаную дату, то тое станецца ў 50-м. Ну што ўражвае? – Не, пачакай, Іванка, я не згодны паміраць так хутка. Можа ты памыліўся, давай праверым яшчэ раз твае падлікі, – не сунімаўся падвыпіўшы Андрэй. Тым часам дзяўчаткі вярнуліся са двара і назіралі за тым, як іх дзядуля заўсёды такі спакойны, разважлівы, майстра на ўсе рукі, зараз быццам малое неразумнае дзіця тыркае пальцам у стос паперы і праводзіць бясконцыя вылічэнні, не хоча даваць веры напісанаму. – Дык вось, мой паважаны сусед, пара нам з табою ўжо збірацца… Бачыш які лёс нам наканаваны. У адзін год мы з табою памром, а можа нават і ў адзін дзень. Дзяўчаткі хіхікалі назіраючы п’яную гутарку дарослых і сарамліва хаваліся адна за адну.
Наступным ранкам яшчэ мацней задумаўся царкоўны стараста: “Чаму? Што здарыцца праз два гады? Можа зноў вайна пачнецца, ці рэпрэсіі, кажуць людзі, што Сталін сваіх не шкадуе, у турмы многіх выбітных людзей пасадзіў. А што я, я ж палітыкай не цікаўлюся, хіба што царква...” Іван не знаходзіў сабе месца, смаліў самакрутку і прыпамінаў былое. Чаго толькі не было ў жыцці, нарадзіўся ён у далёкім 1888 годзе, яшчэ пры цару Аляксандры III, потым правіў Нікалай ІІ, перажыў Іван Іванавіч рэвалюцыю 1905 года, Першую сусветную вайну*, дзве рэвалюцыі 1917 года. (гістарычная звестка: у 1917 годзе, праз тры гады пасля ўступлення ў Першую сусветную вайну (1914-1918гг), Расійская імперыя перастала існаваць, пасля таго як Нікалай II адрокся ад расійскага прастола) З 1921 па 1939 год былі гэтыя землі пад Польшай, не паспелі прыйсці Саветы, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Прыйшлося нямецкай “ласкі” паспытаць. Ужо праз тыдзень пасля пачатку ваенных дзеянняў фашысткай Германіі супраць Савецкага Саюза, напрыканцы чэрвеня 1941 года, немцы ўвайшлі ў Грыцэвічы. Пры наступе нямецкая авіяцыя бамбіла населеныя пункты і шашу Баранавічы-Слуцк, прыходзілася хавацца ў самаробныя схроны і паграбы. Толькі праз 3 гады ў ліпені 1944 года вызвалілі вёску ад акупантаў, тады ж забралі ў армію і зяця Уладзіміра. А праз паўгода яго не стала, прыйшла пахавальная, якраз перад новым 1945 годам: маўляў так і так, загінуў пры наступе непадалёку ад сяла Бочкава, што ў Чэхаславакіі. Адзіная дачка Евачка ў дваццаціпяцігадовым узросце засталася ўдавою з трыма дачушкамі на руках. “Зараз вось прыходзіцца гадаваць, а як жа без мужчыны ў сям’і. Гэта ж не горад, на вёсцы без мужчынскай падтрымкі не пражывеш, тут працаваць трэба”. Іван незадаволена крактануў і зноў зацягнуўся: “Не, мне яшчэ рана паміраць, першы раз абмінула, можа і зараз пранясе” – мужчына набожна перахрысціўся і прачытаў малітву.
*** Час праляцеў хутка, неўзабаве надышоў 1950 год. Савецкая ўлада прынесла свае парадкі і патрабаванні. На вызваленых тэрыторыях будавалася новае сацыялістычнае жыццё. У храме яшчэ працягвалі весціся богаслужэнні, бацюшка ўсімі праўдамі і няпраўдамі працягваў вянчаць, хрысціць і адпяваць, але ніякай падтрымкі ад дзяржавы царква не атрымлівала. Грошай на ўтрыманне царкоўнай гаспадаркі крытычна не хапала. – Добра што апошняе не забіраюць, – казаў святар. Да сяла даходзілі чуткі, што па ўсёй Расіі разбураюць праваслаўныя храмы, служыцеляў культу адпраўляюць на Салаўкі і яшчэ некуды далей… Былі пры Саветах і станоўчыя змены, напрыклад, у вёсцы з’явілася першае радыё. Гэтая тэхнічная навінка вельмі ўжо прыйшлася да спадобы мясцовым мужыкам. Яны амаль штодня збіраліся ля дэтэктарнага радыёпрыёмніка “Камсамолец” (чорнай пластмасавай скрыначкі памерам крыху большым за каробачку з-пад даміно) і па чарзе прыкладалі да вушэй круглыя чорныя слухаўкі. Часцей за ўсё трансляцыя вялася з Мінска, расказвалі навіны, часта па радыё гучала музыка, выконваліся класічныя фартэпіянныя творы, часам спявалі і простыя народныя песні. Асаблівай папулярнасцю карысталася радыё ўзімку, калі былі вялікія маразы. У такія вечары дзед Іван надзяваў свой доўгі авечы кажух, валёнкі, браў Янечку на рукі і ішоў слухаць радыё. Дзяўчынцы не вельмі падабаліся гэтыя паходы, бо мужчыны падчас сваіх бясконцых размоў маглі запаліць тытунёвую самакрутку і тады памяшканне напаўнялася сівым праціўным дымам, а Янечцы прыходзілася месціцца ў дзеда на каленях паміж аграменных крысаў авечага кажуха, што таксама было не надта зручна. Дзіцячыя ножкі хутка стамляліся і млелі, дзяўчынцы хацелася пабегаць. Яна круцілася на дзедавых каленях, не знаходзячы сабе месца, ірвалася да хаты. Але стары штораз стрымліваў дзяўчынку: – Янечка, пачакай, паслухай музыку. Бачыш як хораша іграюць. Тады, каб хоць крыху размяцца дзяўчынка падыходзіла да печкі, там на прыпечку зырка гарэлі карчы. Паліва добрае – невялікія смаляністыя карэньчыкі ад сасны, ці елкі жвава гарэлі, пры гэтым давалі яркае полымя, усё лепш за свечку, ці керасінавую лямпу. Электрычнасці ж у вёсцы ў той час яшчэ не было. Дзеці вучылі ўрокі пры лучыне (замацаванай у лучнік), ці мясціліся ля печы, дзе на прыпечку ўвесь вечар палілі смаляныя карчы.
А тым часам паміж вясковымі мужчынамі распачыналіся вельмі сур’ёзныя размовы і нават спрэчкі. Саветы якраз праводзілі агітацыю сярод сялян з Заходняй Беларусі, каб тыя ўступалі ў калгасы. На ўсходняй частцы рэспублікі працэс калектывізацыі быў ужо амаль завершаны, толькі тут на захадзе засталіся да гэтага часу свае, асабістыя надзелы зямлі, асабістая сялянскія гаспадаркі. Таму ўлады меркавалі ў хуткім часе за два-тры гады, не болей, паўсюдна стварыць калектыўныя. Штодня па радыё тлумачылі ўсе выгоды такога ладу жыцця: “Вялікія калгасныя надзелы лягчэй апрацоўваць, даглядаць пасевы, збіраць ураджай. У калгасы ўжо пачала паступаць з заводаў першая сельскагаспадарчая тэхніка: машыны, трактары і камбайны…” – казала дыктарка. – Апрацоўваць, то лягчэй, але ж, як кажуць – свая ноша не цягне, можна і пацярпець, затое і ўраджай будзе твой, асабісты, – казалі мужыкі ў адказ, спрачаючыся з дыктаркай. – А калі забяруць зямлю, забяруць коней і гумны, што ў нас застанецца – фіга. Не ўбачым мы ні таго ўраджаю, ні грошай, вось пабачыце, яшчэ з голаду пухнуць будзем. – Зямля заўсёды нас карміла, і пры цару, і пры панах. Памятаеце, што казалі? Калі зямля ёсць – значыцца ты багаты чалавек, зямлі няма – значыцца батрак. А цяперачы што, усю зямлю нашу забяруць, а нам застануцца толькі невялічкія надзелы каля хат. – Цьфу ты, ды як жа сваё аддаваць? Ды вось, напрыклад, у мяне – кабыла і малады конік, – нерваваўся Сцяпан Яноўскі, – а ў Ігната толькі карова, ды і то хворая, малака не дае, а цяперачы як – аддай і каня, і карову, а жыць за што? І навошта нам такое брацтва і адзінства. Усіх пад адзін грэбень прычэшуць, каб ніхто не высоўваўся, а калі хто не згодны, таго ў Сібір, як кулака, ворага савецкай улады – вось і ўся палітыка. Хваляваліся сяляне, часам, у ходзе такіх абмяркоўванняў магло даходзіць да боек. Нехта ўпарта бараніў уладу Саветаў і быў за агульнае вядзенне гаспадаркі за раўнапраўе, іншыя ж не хацелі ўступаць у калгас, шкадавалі сваё дабро, нажытае нялёгкай сялянскай працай. Дзед Іван заўсёды займаў нейтральную пазіцыю, не лез у гэтыя спрэчкі, часцей трымаў язык за зубамі, ды й за ўнучкай трэба было прыглядаць. Але сам разумеў, што савецкая ўлада гэта надоўга і ад калектывізацыі нікуды не дзенешся. Сёння ж падчас калектыўнага праслухоўвання радыё зайшла гаворка зусім аб іншым. Сяляне закранулі тэму пасляваеннага раздзелу Германіі. Тэма актуальная, кожны паважаючы сябе гаспадар меў наконт гэтага сваё асабістае меркаванне, кожны хацеў уставіць свае пяць капеек у вырашэнне гэтай палітычнай задачы. – Не, так нельга было рабіць, раздзяліць дзяржаву на чатыры часткі, а як жа Берлін, як там людзі будуць хадзіць па вуліцах? — разважаў у голас Ігнат Папялюшчын. – Вось так і будуць хадзіць, – пакрэктваў суседскі Яўхім. – Паказваць дакументы будуць, лічы, па некалькі разоў на дзень будуць перасякаць дзяржаўную мяжу. – Не, гэта ж трэба было такое прыдумаць, – крактаў у дагонку дзед Іван. – Вось каб мой зяць не паклаў галаву ў Чэхаславакіі, ён бы нам зараз расказаў, як там людзі жывуць, і ці патрэбна было такім чынам дзяліць Германію. – А цяперачы хто, хто перамог у гэтай вайне? Хто пераможца вось ты мне скажы? – Антыгітлераўская кааліцыя?! – А тое, што Савецкі Саюз тут галоўную ролю адыграў, што ўжо і забыліся? – Калі яны, гэтыя янкі, другі фронт адкрылі? А калі абяцалі? – У той момант, калі нашых білі пад Курскам і Сталінградам, дзе была гэтая кааліцыя? – хваляваліся сяляне. – Дык вось, Яўхімка, можна сказаць укралі ў нас яны гэтую перамогу, укралі ды яшчэ і пасмейваюцца з нас, маўляў, мы пераможцы ў лапцях, напалову апранутыя. А цяперачы перамог не Савецкі Саюз, а Антыгітлераўская кааліцыя. – Іван, не гняві Бога, вядома ж, што мы пагналі паганцаў з нашай рускай зямлі, але ж і яны таксама ваявалі, прыкладалі нейкія намаганні. Па ленд-лізе пастаўлялі тавары для фронту, памятаеш, кансервы амерыканскія? – Вось гэта ты мяне насмяшыў. Добра што яны яшчэ Гітлера ў жывых не пакінулі, кажуць што ён сам на сябе рукі наклаў, але ж гэта ўсё чуткі, не дакладна гэта. А што, калі ён уцёк, як і тыя шматлікія нацысты, і сядзіць зараз дзе-небудзь у Паўднёвай Амерыцы, у Амазонцы рыбу вудзіць? – Што ты, Іван, адкуль ты такога набраўся? – Няма Гітлера, кінь дурное. – Няма і ніколі ўжо не будзе. Зараз мы, ведаеш, як добра зажывём, пабудуем камунізм! – Камунізм кажаш, а як будуць жыць людзі пры камунізме? – Ну хто ж яго ведае, кажуць, ад кожнага па здольнасцях –кожнаму па патрэбе. – Дык вось у тым і закавыка, што здольнасцей у людзей мала, а патрэбы ў іх вялікія. Не паспеў прамовіць гэтыя словы Іван, як па страсе нешта ляснула, радыё перастала працаваць. – Хутчэй за ўсё, гэта антэна мая звалілася, – здагадаўся Сцяпан Гаромінкаў, гаспадар паселішча. – Я ж яе прымайстраваў да высокай драўлянай жэрдкі, а вецер сёння дужа рахманы, знёс маю антэну. Таму выбачайце, суседзі, не будзе канцэрта…
***
Вясна ў пяцідзесятым выдалася наўздзіў прыгожая, усё цвіло з нейкай да таго не бывалай, падвоенай сілай – буяла, як быццам прырода старалася навярстаць упушчанае і пакрыць зяленівам і квеценню ўсе пажарышчы ды руіны мінулай вайны. Асабліва прыгожа цвіла чаромха. Духмяныя белыя гронкі ўпрыгожвалі невялікія прыдарожныя кусты і кволыя дрэўцы з бліскучай маладой карой, якія выцягнуліся абапал дарогі, што ішла з Грыцэвічаў на Цапру. Малады лясок, ці гай, як яго называлі вяскоўцы, вырас за сялом вельмі хутка, яшчэ да вайны яго не было, а зараз ужо і заблудзіцца тут можна – дрэвы па пяць-шэсць метраў у вышыню. У сваёй большасці гэта былі асіны ды бярозкі, але сустракаліся часам маладыя сасонкі, елачкі, нават дубок спрабаваў сваю ўдалую моц, рахмана падымаў да сонейка дужыя, яшчэ не пакрытыя маладым лісцем галіны. Дзед Іван са сваёй жонкай Клаўдзіяй вырашылі з самага ранку схадзіць у гэты самы лясок, бо была ў тым патрэба. Гаспадар намерваўся выканаць даручэнне святара, прынесці ў царкву драўляныя жэрдкі, а гаспадыня клапацілася аб тым, каб назапасіць смалякоў (іх выкарыстоўвалі для распалу печы, а часцей для асвятлення памяшкання, запальваючы і прымацоўваючы на прыпечку ў цёмны час сутак). – Дзеда, а можна я з вамі ў лес пайду? – папрасілася Янечка. Дзяўчынцы толькі-толькі споўнілася шэсць гадочкаў, а яна ўжо лічыла сябе амаль дарослай. – Дзеда, а мне таксама смалякі патрэбны, я ж хутка ў школу пайду, кніжкі чытаць буду. – Ну калі кніжкі будзеш чытаць, то возьмем цябе. А ты Янечка, ужо літары ведаеш? – жартуючы запытаўся дзед. – Ну, канешне, хіба ты, дзеда, не ведаеш, я ж табе газету ўчора чытала. Дзеду Івану прыемна слухаць малую шчабятуху, вельмі ж ён любіць сваю малодшую ўнучку. Можна сказаць, што дзяўчынка вырасла на дзедавых руках. Куды б Хмялеўскі не ішоў: на вячоркі, на поле, ці на службу ў царкву – заўсёды побач з ім мільгацела квяцістая сукеначка Янечкі, чуўся яе звонкі дзіцячы галасок. Вось і зараз, пакуль яны ўтрох ішлі па вуліцы, дзяўчынка ўзрушана шчабятала нешта сваё дзіцячае і ўвесь час торкала дзядулю: – Дзеда, а ты мне школьную сумку купіш? – А Галя з Валяй казалі, што ў школу трэба з сумкай хадзіць, бо з торбай сорамна. Трэба каб там кніжкі і сшытачкі акуратна ляжалі не мяліся і не соўкаліся туды-сюды. – Куплю, маё сонейка, усё куплю. Вось увосень паедзем разам з табою на кірмаш у Слуцак, там табе купім і боцікі, і школьны ранец, каб у першы клас ты пайшла як сапраўдная паненка, а не якая-небудзь галыцьба, – адказаў Іван і задаволена пакруціў свае зухаўскія вусы. Маладыя, яшчэ нават ліпкія, зялёныя лісточкі, якія некалькі дзён таму выпырснулі на бярозавых галінках, гарэзліва трапятаў лёгкі майскі ветрык. Церпкі смаляністы водар шматлікіх набухлых пупышак і галінак казытаў нутро, але ўсё перакрываў духмяны пах квітнеючай чаромхі салодкі да гаркаты і такі прыемны, што кружылася галава. Руплівыя пчолкі звінелі недзе зусім побач, збіралі абножку і першы ў гэтым годзе – вербалозавы мёд. Прыпякала. Досыць яснае і шчодрае на цеплыню сонейка азірала наваколле. Было так добра і ўтульна. “Сапраўдны рай на зямлі” – падумалася Івану. Для Янечкі знайшлі маленькую ношку вельмі хутка, невялікі сасновы корчык шчыльна лёг на дзіцячую спіну. Як быццам чакаў, што яго знойдуць і забяруць руплівыя рукі дзеда Івана. А вось над другім карчом прыйшлося пакарпець. Калі нарэшце, знайшлі ношку патрэбнага памеру, дзед Іван старанна абсек задоўгае карэнне, абтрос зямлю і падаў на плечы Клаўдачцы, каб тая разам з унучкай несла яго да хаты. – Дзеду, пойдзем дадому, я есці хачу, – зашчабятала малая. – Пойдзем, Іванка, здаецца дождж будзе, – падтрымала просьбу малой жонка. І сапраўды, цудоўнае веснавое надвор’е ўвачавідкі пачынала псавацца. Было відаць як з захаду падымаецца чорная дажджавая хмара. – Вы ідзіце, а я хутка. Бацюшка прасіў жэрдачкі для храма прынесці, трэба ж павець адрамантаваць. Павінен да дажджу справіцца.
Іван прымасціўся на ўскрайку лесу і пачаў хуценька цясаць высечаныя жэрдкі, каб іх было лягчэй несці. Справа ладзілася, недзе праз чвэрць гадзіны царкоўны стараста ўзяў на плечы дзве абчэсаныя жэрдкі, неяк прымайстраваў да сябе сякеру і выйшаў на дарогу. У гэты самы момант па счарнелым небасхіле змяінымі ўсмешкамі паласнулі маланкі, з вышыні пачуўся трэск неверагоднай сілы, як быццам Бог там, на небе, таксама займаўся нарыхтоўкай смалякоў і абламаў нейкае неабсяжна-вялікае сухое карэне. Грымнуў гром...
Іван не адчуў болю, ён адразу нават не зразумеў, што адбылося, чаму раптам рукі і ногі перасталі слухацца. Цела ад самога вяршка галавы да пят пранізаў распалены смяротны стоўб. Адзенне, якое было на ім, успыхнула і тут жа пагасла, разляцелася ў бакі, як ад эпіцэнтра выбуху. Падкасіліся ногі, і ў тую ж хвіліну ён упаў на дарогу. Усё адбывалася нібы ў запаволеным чорна-белым кіно. Дзед Іван раптам адчуў, што ўжо не прыкаваны да сваёй звыклай зямной абалонкі, як быццам займеў крылы і стаў уздымацца ўвышыню. І адтуль, з вышыні птушынага палёту ўбачыў, што яго любіміца - унучка Янечка ўжо перахапіла на скорую руку, нечага паела і бегае па вуліцы з доўгім дубцом, плешча ім па лужынах і смяецца, а яго сусед Андрэй Грынкевіч (з якім яны ўдвох на Пасху выпівалі і чыталі “Кнігу лёсаў”) таксама як і ён знявечаны маланкай непрытомна валіцца на змакрэлую чорную зямлю. Андрэй памёр тут жа непадалёку, на тарфяным полі, куды ён хадзіў нарыхтоўваць тарфяное паліва. А побач з тым месцам, дзе месцілася спецыяльная металічная рыдлёўка, прынада для дабычы тарфяных брыкетаў, курылася зямля… “Усё ж такі спраўдзілася, – паспеў падумаць дзед Іван у сваім новым абліччы, – сталася так, як было наканавана лёсам”. (Ім абодвум: Івану і Андрэю было прадказана памерці разам у адзін дзень). Іван ляжаў з адчыненымі вачыма гледзячы ў бясконцую вечнасць небасхілу. Вада сцякала па яго твары, цурчала па прыгожых кучаравых валасах, па адзенні, а ён ужо нічога не адчуваў… Яму ўжо было ўсё роўна. Так і застылі нябёсы ў яго дзіўных дапытлівых вачах. Апошняе што ён пачуў, пакідаючы гэты сусвет, як быццам недзе, за межамі існага, зазваніў царкоўны колакал з яго роднай грыцэвіцкай званіцы. 04.02.2024 Наталля Хмялеўская
|